29 лістапада ў Кобрынскім Палацы культуры адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 10-годдзю народнага аматарскага аб'яднання "Белы бусел". Павіншаваць юбіляраў з важнай датай сабраліся людзі, неабыякавыя да паэтычнага слова.
Заснавальнікам літаратурнага аб'яднання быў урач-афтальмолаг і шчыры прыхільнік паэзіі Васіль Паўзун. 5 гадоў распраўлялі "бусляняты" свае крылы пад яго кіраўніцтвам.
"Пачыналася ўсе няпроста. У нас не было пастаяннага месца для правядзення пасяджэнняў. Збіраліся кожную другую нядзелю месяца, дзе надавалася магчымасць: на базе рэдакцыі "Кобрынскага весніка", па месцы працы аб'яднання, у культурных і адукацыйных установах, у гаражах і нават пад адкрытым небам", - падзялілася ўспамінамі член аб'яднання, яго нязменны сакратар Валянціна Літошык. Яна спынілася на асноўных вехах развіцця клуба, яго імкненні заявіць аб сабе ў грамадстве важкім трапным паэтычным словам.
Важнай падзеяй для "буслянят" стаў выхад у свет зборніка прозы і лірыкі кобрыншчыны "Натхненне". Значныя перамены адбыліся ў клубе ў 2010 годзе - з прыходам на пасаду кіраўніка Людмілы Лазюк. Сваю "пяцігодку" Людміла Іванаўна прадставіла з дапамогай прэзентацыі, якая адлюстравала накірункі дзейнасці аб'яднання. Тут і актыўная канцэртная дзейнасць, і пашырэнне творчых сувязяў, і прапаганда беларускай мовы, і многае іншае. У гэтым жа годзе ў "буслянят" з'явілася пастаяннае "гняздзечка" - Палац культуры, у спіс аматарскіх аб'яднанняў якога ўвайшоў "Белы бусел". Варта заўважыць, што пры новым кіраўніку аб'яднанне набыло ганаровае званне "народнага".
Цяпер колькасць удзельнікаў аматарскага аб'яднання складае звыш за 30 членаў, і ў час імпрэзы самыя актыўныя з іх былі ўзнагароджаны. Аб вартасці літаратурнай суполкі засведчылі тыя, для каго вершы "Белага бусла" сталі крыніцай натхнення. Творы кобрынскіх паэтаў гучалі з вуснаў школьнікаў, супрацоўнікаў раённай бібліятэкі, мясцовых артыстаў.
У межах мерапрыемства была арганізавана выстава калектыўных і аўтарскіх зборнікаў паэтаў Кобрыншчыны. У іх ліку - "Пад крылом Белага бусла", які выдадзены да дзесяцігадовага юбілею аб'яднання. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.