«Кобринский район – территория здоровья»

Каб стала восень залатой парой

 

Усё сваё жыццё яны ўносілі свой уклад у развіццё Кобрыншчыны і ўсёй нашай краіны. Многія з іх прайшлі Вялікую Айчынную вайну, у час якой вызвалялі Радзіму ад бязлітасных фашысцкіх акупантаў, а потым адбудоўвалі амаль што дашчэнту разбураную краіну, аднаўляючы сельскую гаспадарку, прамысловасць, медыцыну і сацыяльныя інстытуты. Сёння яны сустракаюць сваю залатую восень і прымаюць ад нас, маладых, заслужаныя віншаванні. Раённае мерапрыемства “Няхай будзе цёплай восень жыцця”, прысвечанае Дню пажылых людзей, прайшло ў Палацы культуры.

— У нас на Кобрыншчыне ў гэты залаты ўзрост увайшло больш за 17 тысяч чалавек, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. – Усе гэтыя людзі сёння ўяўляюць сабой сапраўдную каштоўнасць для ўсіх нас і ў першую чаргу – для нашай моладзі. Сёння пажылыя грамадзяне займаюць актыўную грамадскую пазіцыю, прымаюць удзел у раённых мерапрыемствах, уносяць свой уклад у выхаванне падрастаючага пакалення. Таму сёння, у святочны дзень, хочацца пажадаць ім, каб побач заўсёды былі блізкія людзі, якія б сагравалі кожнага з іх сваёй цеплынёй.
Прынамсі, цікавыя і карысныя сюрпрызы чакалі гасцей літаральна каля ўваходу – у фае Палаца культуры ў гэты дзень вялі прыём урач-валеолаг Святлана Васільева і ўрач-эндакрынолаг Елізавета Шуляк. Усе жадаючыя мелі магчымасць змераць ціск, ці, напрыклад, вагу, а таксама атрымаць кансультацыі па здаровым харчаванні. Бадзёрымі рытмамі ўсіх прысутных сустракаў народны духавы аркестр з праграмай “Ад усёй душы”.

Выдатным працягам свята стала канцэртная праграма “Вальс лістападу”, у час якой гледачоў парадавалі выступленнями выканаўцы ўсіх узростаў – ад самых маленькіх “зорачак” да дарослых артыстаў і ветэранаў, якія нягледзячы на гады працягваюць здзіўляць нас сваёй творчасцю. Не абышлося і без узнагарод – ва ўрачыстай атмасферы Пісьмом падзякі Кобрынскага райвыканкама за актыўную грамадскую дзейнасць, скіраваную на актывізацыю жыцця пажылых людзей, узнагароджана старшыня савета “Універсітэта залатога ўзросту”, створанага пры ГА “Кобрынскі клуб дзелавых жанчын “Бона”, Вера Малафеева.
Ну а самым галоўным выяўленнем салідарнасці і ўдзячнасці ў гэты дзень сталі светлыя позіркі і ўсмешкі кабрынчан, якія віталі адзін аднаго, успаміналі мінулае і разам шчыра апладзіравалі таленавітай кобрынскай моладзі, якая сваімі танцамі і песнямі прыйшла аддаць ім даніну павагі і пашаны.