28 студзеня ў Кобрынскім Палацы культуры прайшоў баль праваслаўнай моладзі “Таццянін дзень”. Яркая падзея, якая вось ужо ў пяты раз праводзіцца на Кобрыншчыне па ініцыятыве харэографа Палаца культуры Марыны Возняк, аб’ядноўвае прыхільнікаў танцаў у высакароднай мэце — ушанаваць памяць велікапакутніцы Таццяны, якая ўвайшла ў гісторыю хрысціянства як абаронца веры.
Асаблівую папулярнасць у Расіі балі набылі ў пятроўскую эпоху, калі ва ўсіх навучальных установах танец стаў абавязковым вучэбным прадметам. Танцавальная культура краіны была на высокім узроўні да канца ХІХ стагоддзя, а ў ХХ стагоддзі балі аддадзены забыццю.
Аднавіць лепшыя традыцыі мінуўшчыны, па словах Марыны Возняк, і стала матывам да правядзення на Кобрыншчыне праваслаўных баляў.
Благаславенне на мерапрыемства, якое завяршыла шэраг студзеньскіх святаў, удзельнікі атрымалі ад благачыннага цэркваў Кобрынскай акругі пратаіерэя Багдана Хамы. Згадваючы жыццёвы шлях велікапакутніцы Таццяны, якая з цягам часу стала лічыцца заступніцай студэнтаў, духоўнік акрэсліў жыццесцвярджальныя каштоўнасці, якіх павінен прытрымлівацца сапраўдны хрысціянін.
Адкрываўся баль традыцыйным паланэзам. Танец — шэсце галантных кавалераў і дам, якія аб’ядналіся ў 30 выдатных пар, адразу задаў урачысты тон усяму мерапрыемству. Зімовы вальс пакарыў шматлікіх гледачоў з ліку прадстаўнікоў духавенства, сваякоў і сяброў удзельнікаў лёгкасцю і вытанчанасцю рухаў танцораў, якія назіраліся і ў наступных кампазіцыях і былі выпрацаваны на працягу 4 месяцаў грунтоўных рэпетыцый. Прыемна, што прыгожыя бальныя танцы, якія былі папулярныя ў часы нашых продкаў, прайшоўшы агранку часам, выдатным чынам упісаліся ў культуру сучаснага грамадства.
Аздобіў танцавальную праграму паказ калекцыі адзення “Прынцэса балю”. Маленькія мадэлі, якія пад музыку заўзята дэманстравалі шыкоўныя бальныя сукенкі, створаныя рукамі дызайнера Святланы Вілоўчык і яе дачкі Наталлі, у будучым, несумненна, прыйдуць на змену цяперашнім танцорам.
Кульмінацыйным момантам балю стала ўручэнне пяці лепшым танцавальным парам сімвалічных стужак, якое ажыццявілі благачынны Багдан Хама, старшыня Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зазуля і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.
Захопленыя эмоцыямі ад мерапрыемства, што, па словах Аляксандра Зазулі, нясе дабрыню, душэўнасць, духоўнасць у масы, паважаныя госці выказалі цёплыя словы ў адрас удзельнікаў і арганізатараў балю, якія прапагандуюць гэтыя важныя каштоўнасці, падкрэсліўшы, што за імі – будучыня.