Адкуль і куды мы ў той дзень ехалі, ужо не помню, але добра запомнілася жанчына, якую мы падвезлі да цэнтра Дзівіна. Такая вясёлая, рухавая з добрымі цёплымі вачамі і лагоднай усмешкай. Яна гаварыла, што піша вершы. Але за гаворкаю мы не пазнаёміліся. Якое ж было здзіўленне, калі 7 кастрычніка на творчай вечарыне Надзеі Момлік я пазнала ў паэтцы выпадковую спадарожніцу.
На яе ліку шмат узнагарод. На словы Надзеі Момлік пішуць песні мясцовыя кампазітары, іх выконваюць творчыя калектывы Кобрыншчыны, а яе кнігі займаюць ганаровае месца ў бібліятэках.
Зараз, як адзначыла сама паэтка, у яе настаў перыяд “Болдзінскай восені”, калі натхненне дазваляе лётаць на крылах фантазіі. Таму невыпадкова, што прэзентацыя кніг “Сцяжынкай запаветнаю іду” і “Тут дзяцінства жыло” прыйшлася менавіта на восень.
У зборніку сабраны вершы розных формаў, раскрываюць тэму прыроды, кахання, сэнсу жыцця. Надзея Іванаўна — майстар прыгожа аздабляць думкі метафарамі і эпітэтамі, віртуозна складае іх у санеты, акравершы, трыялеты і нават у анегінскія строфы. Ёсць у кнізе і старонкі для дзяцей, на якія Надзею Момлік натхнілі ўнукі. Загадкі, кароценькія вершы пра прыроду, жывёл, птушак – адказы на бясконцае дзіцячае “Чаму?”.
Кніга “Тут дзяцінства жыло” – гэта бацькоўская хата, водар дыма ад дроў у печы, духмяны хлеб на стале, гаючая вада з роднага калодзежа і маміны мальвы каля акна. На вечары яны прыгожа ліліся з вуснаў чытачоў і выканаўцаў песень. Прысутныя не маглі стрымаць эмоцый і ад гучання жывой дыялектнай мовы.
– Я вельмі баялася пісаць на дыялекце вершы, бо мая залеская гаворка адрознівалася ад дзівінскай, – узгадвае Надзея Іванаўна.– Але вырашыла, што мяне ўсё роўна зразумеюць.
Пачуўшы аднойчы вершы паэткі на дыялекце на фестывалі “Вераснёвым днём у рэўню”, польскі гісторык, этнограф, дзеяч беларускай культуры на Падляшшы, Дарафей Фіёнік не змог застацца раўнадушным — праз паўгода вершы Надзеі Момлік былі надрукаваны ў польскім часопісе.