З чаго складаецца сям’я? З дзіцячага гоману, цёплай усмешкі матулі, строгай бацькавай навукі? З агульных прагулак пад адным парасонам у дажджлівы дзень? З прыгатаванай разам святочнай вячэры? З вырашэння надзённых праблем за круглым сталом? Складальнікі шчасця? Яны ў кожнага свае, сцвярджаюць удзельнікі конкурсу “Шматдзетная сям’я года”, што адбыўся 13 сакавіка ў Кобрынскім Палацы культуры, сем’і Якаўлевых, Брыштэн, Барысюк і Леванюк. Але пачатак усяму – каханне, вялікае, светлае, чыстае, калі “я” + “ты” аднойчы вырасце ў “мы”, а потым гэтае “мы” разбавіцца шматлікімі дзіцячымі званочкамі-галасамі.
На адным дыханні прайшлі ўсе тры этапы конкурснай праграмы. Лёгкае хваляванне, калі і прысутнічала сярод сем’яў-удзельнікаў, адразу адыходзіла на другі план, як толькі з залы пачыналі даносіцца апладысменты. Шмат пра што расказаў гасцям і членам журы конкурс візітак: як зараджалася каханне і стваралася сям’я, у чым знаходзіць натхненне маці, якія хатнія абавязкі замацаваны ў сям’і за бацькам, чым захапляюцца дзеці. Не меншы інтарэс выклікаў і творчы конкурс, у якім сем’і паказалі свае артыстычныя, музычныя здольнасці, уменне дэкламаваць вершы. Вялікая сям’я – гэта не значыць, што маці не хапае часу паіграць на скрыпцы ці бацьку – на гітары… І такіх схаваных талентаў, якімі падзяліліся дарослыя ўдзельнікі, у іх выявілася шмат. А што датычыць дзяцей, заўважу, якую вялікую ролю надаюць бацькі развіццю іх творчых здольнасцяў. Заключнай часткай конкурснай праграмы стала выкананне заданняў на спрытнасць і кемлівасць, з якімі сем’і таксама справіліся на выдатна.
Выступленне ўдзельнікаў творчых калектываў Кобрынскага Палаца культуры арганічна ўпісалася ў агульную праграму і дапамагло зняць напружанасць канкурсантаў у чаканні вынікаў. Першае месца было прысуджана сям’і Алега і Маргарыты Якаўлевых, якая пакарыла ўсіх сваёй шчырасцю, адкрытасцю і непасрэднасцю. Другую прыступку аддалі сям’і Васіля і Валянціны Брыштэн, якая, дарэчы, другі год запар прымае ўдзел у конкурсе, дыплом трэцяй ступені ў сям’і Алега і Надзеі Барысюк. Пераможцы і удзельнікі атрымалі прызы ад шматлікіх спонсараў, сярод якіх СТАА “ВП Палессе”, Кобрынская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, прафсаюзныя аб’яднанні прадпрыемстваў і арганізацый Кобрына.
Віншуючы сем’і з узнагародамі, намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык заўважыў, што усіх, хто ў гэты дзень падняўся на сцэну Палаца культуры, можна назваць пераможцамі: іх перамога ў сямейнай еднасці, а гэта і ёсць найвялікшае шчасце.
Пераможцы конкурсу Алег і Маргарыта Якаўлевы з дзецьмі Ілінай, Захарам, Веранікай, Міхеем і Рымай не хавалі сваіх пачуццяў. Некалькі гадоў назад сям’я ў пошуках паляпшэння жыллёвых умоў пераехала з Магілёва на Кобрыншчыну, у аг. Імяніны, дзе яны купілі дом. Як заўважыла Маргарыта, яна, як і муж, ні разу не пашкадавала, што менавіта так склаўся лёс. Старэйшыя дзеці вучацца ў мясцовай школе, сама Маргарыта мае дыплом тэхнолага грамадскага харчавання, але пакуль што яго могуць ацаніць толькі пяцёра пар яскравых вачанят за дружным сямейным сталом і муж, які працуе слесарам у КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”.
— Што самае галоўнае ў сям’і і ў выхаванні дзяцей? Безумоўна, любоў і павага, а яшчэ ўменне правільна расставіць прыярытэты. Я ніколі не даю сваім дзецям загадаў. Фраза “Мне было б вельмі прыемна, калі б ты, Вераніка ці Захар…” уздзейнічае лепшым чынам, бо хто ж з дзяцей не хоча парадаваць сваіх бацькоў?!